Страничка музыкальных руководителей

Выкарыстанне беларускага фальклору ў музычнай дзейнасці з дзецьмі дашкольнага ўзросту

02.09.2024
У працэсе адраджэння нацыянальнай культуры і самасвядомасці важнае месца належыць фальклору - асноўнаму багаццю нашых продкаў, дзякуючы якому захоўваецца пераемнасць традыцый, ажыццяўляецца сувязь пакаленняў.
развернуть

У жыцці кожнага чалавека абавязкова ўваходзіць дзіцячы фальклор. Ён складаецца з калыханак, забаўлянак, гульняў, лічылак, розных немудрагелістых песенак. Суправаджаючы чалавека ў дзяцінстве, суцяшаючы і забаўляючы яго, дзіцячы фальклор дае самыя простыя веды, выклікае творчую фантазію. Існаванне дзіцячага фальклору - гэта сведчанне клопатаў народа аб выхаванні новых пакаленняў, скарбніца сапраўднай паэзіі, далучыўшыся да якой чалавек робіць першыя крокі на шляху да мастацтва. Вельмі добра падыходзіць музычны фальклор, які па сваей прыродзе пранізаны элементамі народнага тэатра, гульнямі, пантамімай.

Дзіцячая песня ў фальклоры народа з'яўляецца адной з яскравых і захапляючых старонак. У ёй знайшлі адлюстраванне найбольш аптымістычныя эмоцыі народнай творчасці.Засваенне беларускіх музычных традыцый дзецьмі ідзе па шляху ўсведамлення імі своеасаблівасці меладычнага, рытмічнага і далавага складу народнай песні. Гэта доўгі шлях, які рыхтуе глебу для з'яўлення цэлага комплексу новых уяўленнях і ўражанняў, у працэсе фарміравання псіхікі дзіцяці.

На музычных занятках выхаванцы знаёмяцца з асаблівасцямі беларускай народнай музыкі, развучваюць беларускія танцы, спяваюць песні, знаёмяцца з народным тэатрам “Батлейка”. Яркую акрэсленую выхаваўчую накіраванасць маюць беларускія народныя песні. Праз іх тэксты, лексіку дзеці ўзбагачаюць уяўленні аб наваколлі, прыродных з’явах, знаёмяцца з прыладамі працы, беларускімі назвамі месяцаў, дзён тыдня, нацыянальнымі стравамі, значна пашыраецца актыўны слоўнік. Праз песню выхаванцы знаёмяцца з лепшымі рысамі характару беларусаў: шчырасцю, чуласцю, сціпласцю, уважлівасцю. Фальклорная песня дапамагае развіццю эмацыянальнай сферы дзяцей, падрыхтоўвае да выканання пэўных сацыяльных роляў. У дзіцячым песенным рэпертуары пераважаюць простыя, ясныя і лёгка ўспрымальныя меладычныя пабудовы і абароты. У ім музычны вобраз некалькі схематызаваны, нягледзячы на тое, што асноўныя яго якасці выразныя і шматзначныя. Справа ў тым, што дзеці капіруюць, як правіла, ужо больш ці меньш створаны музычны вобраз. Само навакольнае асяроддзе надае творчай фантазіі дзіцяці штуршок для далейшых музычных пошукаў.

 Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу у адпаведнасці з патрабаваннямі вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі варта памятаць, што першаасновай народнай педагогікі лічыцца культ працы, умелых рук і разумення свайго месца ў прыродзе, таму працоўная дзейнасць, спалучэнне яе з творамі народнай творчасці дазволіць зацікавіць дзяцей сумеснай працай.

Усвядомленаму імкненню дзяцей да авалодання культурнымі эталонамі, ўзаемадзеянню ў калектыве спрыяюць арганізацыя з дзецьмі ісцэніровак па казках, фантазіраванне, прыдумванне гісторый, выкананне творчага задання. Малыя формы фальклора актыўна ўключаюцца ў вядучы від дзейнасці – музычную гульню. Музычныя гульні даюць шырокі прастор для выяўлення ў дзяцей творчых здольнасцей, самастойнасці, ініцыятывы. Жывая інтанацыя маўлення, вобразныя і свабодныя рухі, міміка, жэсты надаюць гульням дзяцей натуральнасць і праўдзівасць. Гульня-драматызацыя аказвае актывізуючы ўплыў на развіццё выразнага беларускага маўлення, паколькі яна спалучае разам гульнёвую матывацыю і камунікатыўную накіраванасць.

 Вялікі выхаваўчы патэнцыял маюць народныя святы і абрады. Яны задавальняюць дапытлівасць дзяцей, іх эстэтычныя патрэбы, цягу рухаў, фарміруюць творчае мысленне, пабуджаюць да супрацоўніцтва, вучаць пазнаваць беларускую культуру. Поспех засваення мастацкіх твораў залежыць ад таго, наколькі яны зразумелыя дзецям і даюць магчымасць выконваць ролі адпаведных персанажаў, песень, суправаджаць спевы мімікай, рухамі. Калі для спеваў дзяцей малодшых груп найбольш даступным песенным матэрыялам з’яўляюцца калыханкі, забаўлянкі, невялікія песенькі, то асаблівае месца ў старшых дзяцей займаюць песні, карагоды, гульні, якуія дзеці вучаць для народных свят і абрадаў.

свернуть